Старшы на збожжатоку

размещено в: Общая | 0

Настаўнік фізікі і матэматыкі Філатаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна Алег Токараў дзясяты сезон удзельнічае ва ўборачнай кампаніі. У летнія дні педагог ужо традыцыйна становіцца старшым аператарам зернесушыльнага комплексу.

Жнівеньскі дзень толькі распачаўся. Сонца раз-пораз выглядае з-за сівых хмар і азарае збожжаток ААТ “Някрасава-агра”. Хоць такія комплексы і называюць тылам уборачнай, работа тут кіпіць гэтак жа, як і ў палях. Вось з’явіўся на тэрыторыі грузавік. Лічаныя хвіліны — і з кузава на спецыяльна адведзеную пляцоўку золатам сыплецца збожжа. Праз імгненне вырастае свое­асаблівая гара з пшаніцы. Яе сушка і перапрацоўка — цалкам у зоне адказнасці Алега Токарава.

— Тут больш за 80 тон. Работы ў найбліжэйшы час будзе шмат. Змена хутчэй за ўсё зацягнецца, бо, каб перапрацаваць гэтыя аб’ёмы, патрэбна каля 12 гадзін, — кіўнуўшы позірк у бок збожжа, кажа Алег Якаўлевіч.

Паводле яго слоў, работа аператара ключавая на зернесушыльным комплексе. Каб захаваць сабраны ўраджай, трэба многае ведаць, умець аптымальна нала­дзіць тэхналагічны працэс.

— У кожнай збожжавай культуры свае падыходы да апрацоўкі. А яшчэ трэба пастаянна кантраляваць час, тэмпературу прасушкі, улічваць шмат іншых значных дробязей, каб комплекс працаваў без перабояў і ў сховішчы было дастаўлена якаснае зерне. Працоўны дзень у нас часта ненарміраваны. Пакуль усё збожжа не будзе апрацавана, дадому не сыходзім. Бывае, што працуем і ноччу. Выхадных таксама няма. Але мяне такая загрузка не пужае. Сам вырас у вёсцы, школьнікам хадзіў працаваць на ток, таму не па чутках ведаю, як цяжка дастаецца хлеб. Магчыма, з гэтай прычыны і пайшоў на КЗС. Гаспадарцы ў гарачую пару ўборачнай патрэбны былі людзі на падмогу, — расказаў Алег Токараў.

Зараз ні адна ўборачная кампанія ў гаспадарцы ўжо не абыходзіцца без Алега Якаўлевіча. У 2012 годзе ён дапамагаў будаваць зернесушыльны комплекс, на якім потым стаў старшым аператарам.

— Прайшоў адпаведнае навучанне, атрымаў сертыфікат, кваліфікацыю. Так з году ў год і працую тут улетку, — кажа Алег Токараў.

Пад яго кіраўніцтвам праца на збожжатоку спорыцца. Пакуль гутарым, пшаніцу загружаюць у сушылку. Алег Якаўлевіч выстаўляе неабходныя параметры і адзначае, што збожжа невысокай вільготнасці — пройдзе ачыстку, падсушыцца і без затрымак адправіцца на элеватар на выкананне дзяржаўнага заказу.

Адметна, што працавітасць і адказ­насць Алега Токарава не застаюцца без увагі. Алег Якаўлевіч не раз выходзіў у перадавікі ўборачнай па раёне. У працоўнай скарбонцы педагога не адна ганаровая грамата. І гэта пры тым, што ў лідары ён ніколі не імкнуўся.

— Проста выконваю сваю працу добрасумленна. Гэта датычыцца і педагогікі, і работы ў сельскай гаспадарцы, — адзначыў Алег Токараў.

Дарэчы, аб педагогіцы. Пра любімую прафесію Алег Якаўлевіч не забывае, нават часова змяніўшы сферу дзейнасці.

— Побач працуюць мае навучэнцы, якія захацелі правесці лета з карысцю. Вядома, штодня з імі сустракаюся. Вяду гутаркі, тлумачу значнасць нашай сумеснай працы. Хлопцы дапамагаюць загружаць збожжа, падмятаюць вакол, каб ніводнае зярнятка не знікла, бо кожная яго жменя — гэта будучы хлеб. Так, на збожжатоку працаваць нялёгка. Але фізічная стомленасць хутка праходзіць, а вось адчуванне маральнага задавальнення застаецца надоўга. Разумею сам і даводжу да вучняў, што мы ўносім свой маленькі ўклад у сапраўды важную і патрэбную для ўсёй краіны справу, — падкрэсліў настаўнік.

«Настаўніцкая газета»

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *