Пленум абласной прафсаюзнай арганізацыі адбыўся ў Магілёве

размещено в: Общая | 0

Абарона законных інтарэсаў працоўных і захаванне стабільнасці ў калектывах, эфектыўнае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі. Гэтыя і шэраг іншых актуальных пытанняў абмеркавалі на пленуме Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Удзел у пасяджэнні прынялі старшыня Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова, кіраўніцтва абласных прафсаюзных арганізацый і навучальных устаноў рэгіёна.

З асноўным дакладам перад прысутнымі выступіла лідар абласнога камітэта прафсаюза Людміла Старасціна. Паводле яе слоў, сёння па вобласці налічваецца 876 пярвічак, 21 раённая і 2 гарадскія арганізацыі прафсаюзаў, якія аб’ядноўваюць больш за 59 тыс чалавек.

— Летась мы плённа і зладжана працавалі. Паўсюдна арганізаваны дзейсныя механізмы ўзаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі, створаны ўмовы для самарэалізацыі, актыўнага адпачынку педагогаў і навучэнцаў. І гэта цалкам заслуга нашых кадраў, — расказала Л. Старасціна.

Асаблівая падзяка за працу была выказана арганізацыям прафсаюзаў Бабруйскага, Магілёўскага, Слаўгарадскага, Быхаўскага раёнаў і шэрага навучальных устаноў. Як заўважыла Т. Якубовіч, сёння ініцыятыўнымі, здольнымі павесці за сабой калектыў павінны быць усе прафсаюзныя лідары.

— Нашай галоўнай мэтай заўсёды была, ёсць і застаецца абарона працоўных і сацыяльных правоў членаў прафсаюза. Педагогі шмат працуюць, займаюцца грамадскай дзейнасцю, таму павінны мець прафсаюзную падтрымку, магчымасць якасна адпачыць, падарожнічаць па роднай краіне. У прыярытэце застаюцца таксама пытанні аплаты працы. Не так даўно павялічылася заработная плата ў метадыстаў, майстроў вытворчага навучання, прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу. Зараз прадумваем алгарытмы для павышэння заработнай платы іншых катэгорый педагагічных работнікаў. Мэтанакіравана працуем над гэтым сумесна з нашымі сацыяльнымі партнёрамі. Наогул з Міністэрствам адукацыі, абласнымі ўпраўленнямі па адукацыі ў нас няма ніякіх закрытых тэм. Мы ўсебакова дапамагаем адно аднаму, што дазваляе ўдасканальваць і дынамічна развіваць сферу адукацыі, — падкрэсліла старшыня Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза.

Адметна, што Магілёўская абласная арганізацыя прафсаюза паспяхова працуе па ўсіх напрамках. У рэгіёне добра наладжана работа з моладдзю і ветэранамі, ахова працы і прававая абарона грамадзян. Дасягненні былі адпаведна адзначаны. Падчас пасяджэння актыўныя прафсаюзныя лідары атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *